КАМЕРЦЫ́ЙНЫ РАЗЛІ́К,

метад вядзення гаспадаркі шляхам сувымярэння ў грашовай форме затрат і вынікаў гасп. дзейнасці. Асн. мэта — атрыманне максімуму прыбытку пры мінім. затратах. У адрозненне ад гаспадарчага разліку К.р. прадугледжвае абавязковае атрыманне прыбытку і рэнтабельнасці, дастатковай для далейшага гаспадарання. Пры К.р. суб’екты гаспадарання маюць права размяркоўваць атрыманую выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), фарміраваць і выкарыстоўваць вытв. фонды, самастойна знаходзіць крыніцы пашырэння вытв-сці, выпускаць акцыі, аблігацыі і інш. Суб’екты фін. адносін нясуць эканам. адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі, спажыўцамі, дзяржавай, банкамі; фін. адносіны прадпрыемстваў вызвалены ад дробнай рэгламентацыі з боку дзяржавы.

У.Р.Залатагораў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)